Адынец Антон Эдвард (1804 – 1885)

(Псеўданім Інацэнты Старушкевіч), польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Нарадзіўся 25.01.1804 г. у вёсцы Гейстуны Ашмянскага раёна. Закончыў базыльянскую школу ў Барунах (1820), Віленскі ўніверсітэт (1823) са ступенню магістра   права.  У  Вільні  пасябраваў з А.Міцкевічам,    Я.Чачотам,  Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 г. стаў членам таварыства філарэтаў, для якога напісаў “Песню філарэтаў”. У лістападзе 1823 г. – лютым 1824 г. пасаджаны ў турму па справе таварыства. У 1825 – 1826 гг. выдаў у Вільні 2-томнік “Паэтычныя творы”. Рэдактар альманаха “Мелітэле” (1829). У 1829 — 1837 гг. падарожнічаў па Заходняй Еўропе, жыў у Дрэздэне. У 1837 г. вярнуўся ў Гейстуны. З 1838 г. у Вільні. У 1841 – 1859 гг.  рэдактар  газеты  «Виленский  вестник».  З 1866 г. у Варшаве, дзе супрацоўнічаў у розных газетах і часопісах. У 1884 г. разам з І.Дамейкам наведаў Беларусь, пабываў у Крошыне, дзе, магчыма, сустракаўся з П.Багрымам. А.Адынец – аўтар мемуарных “Пісем з падарожжа” (1875 – 1878), “Успамінаў з мінулага”  (1884), вершаваных драм “Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі” (1849), “Барбара Радзівілянка” (1860). Перакладаў на польскую мову творы Дж.Байрана, А.Пушкіна, Ф.Шылера і інш. Шмат  вершаў А.Адынец напісаў у гонар вядомых літаратараў і вучоных. Сярод іх “Адаму Міцкевічу”, “Адаму Судзіну”, “Ястафію Тышкевічу”, “На шлюб Тамаша Зана”.  А.Адынец пісаў свае творы на польскай мове і ва ўсіх даведніках праходзіць як дзеяч польскай культуры. Але ўся яго літаратурная дзейнасць, як і творчасць А.Міцкевіча, наскрозь прасякнута беларускасцю. Гэтым і адметны яго талент.  Памёр 15.01.1885 г., пахаваны ў Варшаве.

Бібліяграфія:

  1. Адынец Антон Эдвард // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2014. – С. 14.
  2. Адынец Антон Эдвард (25.01.1804 г. в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродз. Вобл.) польскі, паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец // Беларуская энцыклапедыя. Т. 1. — Мн.: 1996. — С. 142.
  3. Адынец Антоні Эдвард // Філаматы і філарэты : зборнік / уклад. К. Цвіркі. — Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1998. — С. 347—360.
  4. Адынец Антон Эдвард // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыклапедычны даведнік  / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — С. 13.
  5. Белавус, М. Паэт, фалькларыст, перакладчык : пра А.Э.Адынца (1804, в. Гейстуны Ашмян. р-на — 1885) // Ашмян. весн. — 1999. — 16 студз. — С.3.
  6. Лісоўская, А. Перакладчык, паэт, выдавец : [да 200-годдзя з дня нараджэння А. Адынца] / А. Лісоўская // Ашмянскі веснік. — 2004. — 31 студзеня. — С. 2.
  7. Малiноўскi, М. Адынец, Дамейка i надпiс «На каменi ў Крашыне» : пра падарожжа А.Адынца i I.Дамейкi па Гродзеншчыне. 1884 г. / М.Малiноўскi // Ашмян. весн.. — 2004. — 14 жн. — C.7.
  8. Мальдзiс, А. Адынец Антон Эдвард//  Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. —  Мн., 2003. —  138
  9. Нікалаеў, Ю. Зімовы вечар у Гейстунах — у землякоў Антонія Адынца / Ю. Нікалаеў // Ашмянскі веснік. — 2004. — 21 лютага. — С. 5.
Posted in А