Каранеўскі Аляксандр Рыгоравіч (1939 – 2003)

Педагог, журналіст, краязнавец, укладальнік кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”. Нарадзіўся 15.07.1939 г. у в.Мілушава Навагрудскага раёна. Пас-ля заканчэння сярэдняй школы пасту-піў у Рыжскае мараходнае вучылішча, працаваў   на   рыбалавецкіх   суднах. Пасля службы ў арміі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт, вучыўся спачатку на стацыянары, потым завочна. Пасля працы ў Даргунскай васьмігодцы Гродзенскага раёна, дзе ён выкладаў гісторыю і геаграфію, пераехаў у Ашмяны.

З 1967 г.  па 1980 г. працаваў дырэктарам краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча. Аляксандр  Рыгоравіч шмат сіл аддаваў збору прадметаў, гістарычных дакументаў, звязваўся з многімі архівамі і нястомна шукаў дадатковыя звесткі аб Ашмяншчыне і яе людзях. Вынік гэтых пошукаў – шматлікія артыкулы ў раённай газеце, для якой ён становіцца пастаянным і надзейным аўтарам. У 1980 г. перайшоў на пастаянную работу ў рэдакцыю раённай газеты «Красное знамя», спачатку адказным сакратаром, потым намеснікам рэдактара.  У другой палове 1990 г. цалкам аддаўся  працы над кнігай “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ашмянскага раёна”, прызначаны яе галоўным укладальнікам. На жаль, кніга пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. Памёр А.Р.Каранеўскі 16.05.2003 г.

Бібліяграфія:

  1. Каранеўскі Аляксандр Рыгоравіч (1939 – 2003)      // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2014. — С. 22.
  2. Нікалаеў, Ю. Краязнаўства — іх прызванне / юрый Нікалаеў // Памяць:  Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 649—650.
  3. Шэшка, А. Ушанаванне краязнаўцы : [аб пасяджэнні клуба “Сустрэча”, прысвечанае 60-гадоваму юбілею раённай газеты і аб А. Р. Каранеўскім] // Ашмянскі веснік. — 1999. — 31 ліпеня. — C. 3.
Posted in К