Сянкевіч Эдуард Іосіфавіч (1889 – 1937) 

Член Цэнтральнага выканаўчага камітэта Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Нарадзіўся ў 1889 г. у г.Ашмяны. Бацька, Іосіф Марцінавіч Сянкевіч – беззямельны селянін,  маці – сялянка з Граўжышкоўскай воласці.  Гадаваўся ў сваякоў у вёсцы. Да 12 гадоў вучыўся  ў  прыходскай школе.  Затым  стаў вучыцца ў майстэрні сталярскай справе, пасля чаго працаваў падмайстрам. Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю.

У час рэвалюцыі 1905 г. быў прызначаны ў баявы атрад. Наведваў гурткі, мітынгі. Уступіў у партыю эсэраў, праз год перайшоў у РСДРП. Быў арыштаваны, зняволены на 3 месяцы ў турму. Пасля вызвалення застаўся без работы, вымушаны быў з’ехаць у Вільна, але не знайшоўшы работу, вярнуўся ў Ашмяны. Калі пачалася імперыялістычная вайна, апынуўся на фронце ў інжынерных часцях, быў цесляром, старшым цесляром.

У 1917 г. у час рэвалюцыі быў выбраны дзесятнікам і дэлегатам на з’езд інжчасцей 5-й арміі. На з’ездзе выбраны членам выканаўчага камітэта дарожна-маставой арганізацыі 5-й арміі, затым – камісарам той жа арганізацыі. У 1918 г. быў накіраваны ў Вільна, дзе працаваў падпольна па заданні камуністычнай партыі. Быў арыштаваны палякамі, вызваліўся з прыходам чырвоных войск.  На з’ездзе Саветаў Літвы, якая пазней аб’ядналася з Беларуссю, выбраны членам ЦВК Літбел.

У 1919 г. пасля захопу палякамі Вільна, ЦВК накіраваў Э.Сінкевіча на партработу ў г.Паневяжыс Ковенскай губерні. Змагаўся на франтах Грамадзянскай вайны, потым трапіў на службу ў Мінскую гарадскую надзвычайную камісію, затым – зноў на фронт камісарам 3-й брыгады 17-й дывізіі. Праз 10 месяцаў пры пераходзе Латвійскага фронту быў арыштаваны і зняволены ў турму (Рэжыца, Рыга), чакаў смяротнага прыгавору. Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору быў абменены і накіраваны ў Маскву ў ЦК РКП для справаздачы. Да 1923 г. – у асобым аддзеле Заходняга фронту і Беларусі.

Служыў у органах АДПУ – НКУС, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1927). У 1937 г. рэпрэсіраваны, загінуў 2.09.1937 г., рэабілітаваны пасмяротна.

Posted in С