Педагог, каталіцкі публіцыст на Беларусі канца 17 – пачатку 18 стст. Нарадзіўся ў в.Гальшаны Ашмянскага павета. Вучыўся ў Вільні і Пінску. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах у Гродне, Варшаве, Драгічыне, Слуцку, а таксама ў Віленскай акадэміі. За красамоўства сучаснікі называлі яго Перыклам. Вядомы як непрымірымы праціўнік культуры гуманізму i ідэалогіі рэфармацыйнага руху.
Найбольш значныя творы А.Керсніцкага: “Ключ да скарбаў сардэчных” (Слуцк, 1723; Вільня, 1725) i “Вольны голас нядзельных прамоў” (Варшава, 1727). У творах ёсць асобныя крытычныя заўвагі ў адрас грамадскага i дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. 3 горыччу ён пісаў пра заняпад дзяржавы i страту многіх тэрыторый, бездапаможнасць сеймаў, на якіх “шмат пачыналі, але мала заканчвалі”, крывавыя сутычкі шляхецкіх груповак на сеймах i сейміках. Сустракаюц-ца i антымагнацкія выпады, але якіх-небудзь прапаноў пра змену існуючага ладу Керсніцкі не выказваў i заклікаў падданых цярпець усе нягоды. Настойліва праводзіў ідэю боскага ўмяшання ў дзейнасць людзей, “боскага промыслу”, бо лічыў, што “Бог заўсёды за добрыя ўчынкі шчодра плаціць” i праз сваіх нябесных служак, анёлаў, накіроўвае развіццё падзей. Шмат твораў Керсніцкага засталося ў рукапісах.
Бібліяграфія:
- Бирало, А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII – середине XVIII в. Мн, 1971. С. 52 – 55.
- Керсніцкі Анастаз Людвік // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 2–3.
- Керсніцкі Анастаз Людвік // Краязнаўчы каляндар на 2018 год/ склад. Л.М. Каранкевіч, А.А.Рыжко. –Гродна, 2017. – С.3.
- Краснова, В.В. Керсніцкі Анастаз Людвік http://oplib.ru/random/view/215497