Ромбра Якаў (1858 – 1922)

Яўрэйскі асветнік, пісьменнік, журналіст.  Нарадзіўся ў мястэчку Жупраны Ашмянскага раёна ў 1858 г.  Асновы яўрэйскай традыцыйнай адукацыі атрымаў дома. Вучыўся ў Жытоміры ў рабінскай вучэльні (1872), у школе ў Ашмянах. У 1879 г. закончыў Крамянчугскае рэальнае вучылішча. Потым вучыўся ў тэхналагічным інстытуце ў Пецярбургу, дзе зблізіўся з рэвалюцыйнымі народнікамі. У 1881 г. быў вымушаны ўцячы ў Парыж, наведваў лекцыі ў Сарбоне. Друкавацца пачаў як публіцыст на рускай мове ў 1880 г. (перыёдыкі  «Рассвет», «Киевская заря», «Восход»). Пазней пісаў на ідыш. У 1883 – 1890 гг. жыў у Лондане, працаваў у міжнародных рабочых арганізацыях. З 1890 г. у Нью-Йорку, узначальваў тут рэдакцыю сацыялістычнай газеты “Арбэтэр Цайтунг”. Супрацоўнічаў у іншых яўрэйскіх перыёдыках ЗША. З 1906 г. у Варшаве. Потым зноў у ЗША, рэдагаваў часопіс “Дэр Фрайнд” (1914 – 1918). Аўтар навукова-папулярных кніг, якія выйшлі ў ЗША: “Біяграфіі знакамітых людзей” (1910), “Уся Амерыка” (1915),  “Гісторыя Вялікай Французскай рэвалюцыі” (1903) і інш.

Бібліяграфія:

  1. Ромбра Якаў // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 14 – 15.
  2. Ромбра Якаў // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 144.
Posted in Р