Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна (1953)

Беларуская паэтка, журналістка. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998). Нарадзілася 18.10.1953 г. у в.Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), Беларускі   дзяржаўны ўніверсітэт (факультэт журналістыкі). У 1975 г. пачала працаваць ў валожынскай раённай газеце “Працоўная слава”. У 1997 г. узначаліла аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. З 2004  г. працуе ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.

Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 г. у ашмянскай раённай газеце  «Красное знамя». Пасля быў абласны злёт маладых паэтаў Гродзеншчыны, выступленне на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, дзе ўпершыню пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў В.Гіруць быў надрукаваны ў калектыўным зборніку “Універсітэт паэтычны”, дзе былі прадстаўлены творы  ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.

Першая кніга В.Гіруць-Русакевіч “Я адкрываю вам душу” выйшла напрыканцы 1996 г. ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”. Да гэтага былі публікацыі ў часопісе “Полымя”, газетах “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Мінская праўда”. Працуючы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты, Валянціна Францаўна  вяла “Літаратурную старонку”, займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні “Рунь”, якому ў 1997 г. было прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі  вершаў “Пад зоркаю лёсу” (1999), “Мовай сэрца” (2008), “На нітцы часу” (2018); кнігі для дзяцей   “Каляровыя вятры” (2011), “А ці ведаеце вы?” (2013).

Тэматыка вершаў В.Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная – любоў да сваёй Малой радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Яна часта сустракаецца з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах.

 Бібліяграфія:

  1. Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 32-33.
  2. Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С.569. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы).
  3. Рыбік, Л. Для мяне вы ўсе – сваякі: аб сустрэчы з беларускай паэткай В.Гіруць-Русакевіч у Ашмянскай раённай бібліятэцы/ Людміла Рыбік// Ашмянскі веснік. – 2018 – 10 лістапада (№ 87). – С.5.
  4. Сцяжыны майго жыцця: з успаминаў Валянціны Гіруць-Русакевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 569–571. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы)

Творы:

  1. Гіруць-Русакевіч, В.Ф. А ці ведаеце вы?: вершы: для дзяцей мал. шк. узросту/ Валянціна Гіруць-Русакевіч; маст. Дана Рунова. – Мінск:. Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. – 32 с.: іл.
  2. Гіруць-Русакевіч, В.Ф. Мовай сэрца: кніга паэзіі/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. – Мінск: Маст.літ., 2008. – 158 с.
  3. Гіруць-Русакевіч, В.Ф. На нітцы часу: выбранае/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. – Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. – 200 с. – (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
  4. Гіруць-Русакевіч, В.Ф. Пад зоркаю лёсу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. – Мн.:Беларускі кнігазбор, 1999. – 128 с.
  5. Гіруць-Русакевіч, В.Ф. Я адкрываю вам душу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. – Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства “Дом прэсы”, 1996. – 32 с. – (Бібліятэка часопіса “Маладосць”).
Posted in Г