Дарагастайскі Крыштаф Мікалай (1562 – 1615)

Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ  ХVІ–пачатку  ХVІІ стст., паэт, пісьменнік, доктар медыцыны. Нарадзіўся 2.03.1562 г. Пачатковую адукацыю  атрымаў дома. Вучыўся за мяжой у славутай гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу,  затым у каталіцкай Фрайбурга-Брайзгаў-скай Акадэміі, дзе пакінуў першыя спробы пяра – вершы на лацінскай і грэчаскай  мовах.  Атрымаў навуковую ступень  доктара медыцыны. Добраахвотна далучыўся да ваенных дзеянняў у Нідэрландах. Уступіў у войска Свяшчэннай Рымскай імперыі. Потым доўга падарожнічаў па Італіі для спасціжэння рыцарскіх навук, браў урокі коннай язды ў знакамітых майстроў, там задумаў скласці дапаможнік па конегадоўлі. Аднак паміж высакароднай задумай і яе здзяйсненнем паўсталі гады ратнай і дзяржаўнай працы. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558 – 1582 гг. Быў  старостам ваўкавыскім, навамольскім і дынемундскім, стольнікам літоўскім (з 1588). З 1590 г. крайчы літоўскі, маршалак надворны (з 1596), маршалак літоўскі (з 1597). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600 – 1629). Кіраваў абаронай Рыгі (1601), вызначыўся ў бітве пад Какенхаўзенам. Падтрымліваў кандыдатуру Фёдара, сына рускага цара Івана ІУ Грознага, на пасаду караля Рэчы Паспалітай.

Пасля заканчэння ратных спраў К. Дарагастайскі вяртаецца  ў маёнтак Мураваная Ашмянка, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі Мікалая Дарагастайскага, і працуе над  пачатай калісьці працай  па анатоміі і фізіялогіі каня “Гіпіка”. Кніга  была ўпершыню  выдадзена  ў Кракаве ў 1603 г. і на працягу  ХУІІ – ХУІІІ стст. перавыдавалася 7 разоў. Пазней у маёнтку Мураваная Ашмянка К.Дарагастайскі пабудаваў кальвінскі збор і пры ім залажыў друкарню  (каля 1615). Працамі яе з’явілася не адна кальвінская кніжка, сярод якіх “Цэнзура” кальвінскага прапаведніка Войцеха Салінарыюса.

1615 год быў апошнім для К.Дарагастайскага. У 1614 г., нарадзіўшы мужу доўгачаканага спадчынніка, памерла яго жонка Соф’я Радзівілаўна. Пасля гэтага цяжкага ўдару лёсу ён  хутка страчваў рэшткі сіл.  Адправіўшыся на лячэнне ў сілезскія Цепліцы, па дарозе памёр. Пахаваны на радзіме ў Мураванай Ашмянцы, але месца знаходжання склепа з магілай невядома.

Бібліяграфія:

  1. Грыцкевіч, В.П. Было выдана ў Мураванай Ашмянцы/ В.П. Грыцкевіч// Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.].  – Мн.: БЕЛТА, 2003.– С. 67.
  2. . Дарагастайскі Крыштаф Мікалай // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 17–18.
  3. Дарагастайскія: пра шляхецкі род // Падарожжа па Ашмянскаму краю / Тамара Філіповіч. – Мінск: Конфідо, 2010. – С.132-135.
  4. Дарагастайскія: пра шляхецкі род // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т.3. – Мн.: БелЭн, 1996. – С.208.
  5. Крыштаф Монвід Дарагастайскі: звесткі пра жыццё маршалка// Гістарычнымі шляхамі па Ашмянскім узвышшы. – Вільнюс, 2013. – С. 196-198.
  6. Мураваная Ашмянка. Грынцы «Гіпіка»: звесткі пра Крыштафа Дарагастайскага // Ашмяншчына турыстычная. – 2008. –  C.14-17.
  7. Мурованая Ошмянка: здесь маршалком великим литовским Крыштофом Дорогостайским была основана типография// По дорогам Ошмянского края. – Минск: Рифтур, 2010. – С.42-43.
  8. Падалінскі, У. Крыштоф Дарагастайскі – пасол на соймы Рэчы Паспалітай (1587-1596) // Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі: зб. навук. арт. рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.]. – Мінск: Беларус. навука, 2011. –  C.136-149.
  9. Рошчына, Т.І. Дарагастайскія ў гісторыі кніжнай культуры Беларусі/ Т.І. Рошчына // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.].. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 62 – 66.
  10. Рублевская, Л. Кони удачи, стрелы нелюбви: о Криштофе Дорогостайском / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. – 2017. – 14 марта. –  С.12.
  11. Дарагастайскі Крыштаф Мікалай. – Рэжым доступу: http:// oshmiany.gov.by/ru/istoria-rovd

 

Творы:

  1. . Дарагастайскі, К.М. Гіпіка, альбо Кніга пра коней/ К.М. Дарагастайскі; уклад. С.А. Ішчанка, В.Л. Дубоўскі. – Мінск: Юніпак, 2007. – 216 с.
Posted in Д