Корзун Эдуард Сямёнавіч (1932 – 2001)

Педагог, краязнавец, стваральнік гісторыка-краязнаўчага музея Гальшанскай СШ.  Нарадзіўся 28.02.1932 г. у в. Яўсеевічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957) атрымаў накіраванне ў Ашмянскі раён і ўвесь яго далейшы    жыццёвы    шлях    быў   звязаны   з Гальшанамі, дзе ён больш за 20 гадоў быў дырэктарам мясцовай сярэдняй школы.

Краязнаўчай дзейнасцю пачаў займацца з 1962 г. Выязджаў працаваць у бібліятэкі і музеі Вільні, Мінска, Гродна, Маладзечна, вёў перапіску з бібліятэкамі і музеямі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава, сустракаўся са старажыламі, славутымі землякамі, распрацаваў памятку і арганізаваў збор экспанатаў вучнямі, настаўнікамі, бацькамі, удзельнічаў у археалагічных раскопках. Гісторыя Гальшан вызначыла яго кірунак у краязнаўстве. Сабраны матэрыял дазволіў яму стварыць у школе гісторыка-краязнаўчы музей (1963) і выдаць кнігу “Гальшаны” (Мн., 1987).

У 1971 г. быў удзельнікам ВДНГ у Маскве па тэме “Роля краязнаўчай работы ў выхаванні патрыятызму”, дзе атрымаў бронзавы медаль. Выступаў з дакладамі на навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць”  (1993), на канферэнцыі, арганізаванай  клубам “Гальшанскі замак” (1997). Выбіраўся дэлегатам на з’езд Беларускага краязнаўчага таварыства, рыхтаваў артыкулы  для “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, друкаваўся ў часопісе “Народная асвета”, у абласной і раённай газетах.

У памяць аб Э.С.Корзуну яго імем названы гісторыка-краязнаўчы музей Гальшанскай СШ.

Бібліяграфія:

  1. Корзун Эдуард Сямёнавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 16.
  2. Эдуард Сямёнавіч Корзун // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.].. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 650.
  3. Нікалаеў, Ю. Краязнаўства – іх прызванне. /Ю.Нікалаеў// Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 649 – 650.

Творы:

  1. Корзун, Э.С. Гольшаны/ Э.С.Корзун, Ю.И.Николаев. – Мн.: Беларусь, 2005 – 133 с.: ил.
  2. Корзун, Э.С. Гольшаны/ Э.С.Корзун. – Мн.: Полымя, 1987. – 87 с.: ил.
Posted in К