Беларускі мастак. Нарадзіўся ў снежні 1806 г. на Ашмяншчыне ў сям’і адваката. Закончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе адначасова браў урокі жывапісу ў Я.Рустэма. У 1824 – 1826 гг. працягваў вучобу на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта.
З 1826 г. за мяжой, удасканальваўся ў жывапісе ў Дрэздэне, Амстэрдаме, Парыжы, Лондане, Рыме. Пісаў пераважна жанравыя кампазіцыі. Быў знаёмы з А.Міцкевічам, пад яго ўплывам стварыў некалькі новых карцін з народнага жыцця Беларусі. У пачатку 1830-х гадоў захапіўся гістарычным жанрам і напісаў шэраг карцін. Сярод твораў: “Руская хуткая пошта”, “Яўрэйскае пахаванне”, “Яўрэйская карчма”, “Яўрэі ў дарозе”, “Пастой”, “Маці Божая”, “Ян ІІІ пад Венай”, “Турак на кані”.
Юліян Карчэўскі быў летуценнікам, чалавекам жывога характару. У таварыстве быў вясёлым і дабрадушным. Як чалавек сціплы, ён лічыў сваю творчасць недасканалай, таму выстаўляўся мала. Але выстаўка 1830 г. у Капітоліі прынесла яму еўрапейскую вядомасць. Яго пейзаж атрымаў грамадскае прызнанне і пахвалу знаўцаў. Аб ім пісалі як аб выдатным каларысце. Карціны Карчэўскага падабаліся дасканаласцю каларыта, закончанасцю і дакладным прытрымліваннем натуры.
Юліян Карчэўскі быў у росквіту творчых магчымасцей, але цяжкая хвароба (туберкулёз) прывяла ў студзені 1833 г. да раптоўнай смерці.
На радзіме Карчэўскага ў вёсцы Бянюны Ашмянскага раёна захаваліся рэшткі сядзібы (дом, некалькі клёнаў, стаў, разваліны бровара), дзе правёў дзіцячыя гады мастак.
Бібліяграфія:
- Карчэўскі Юльян Юзафавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2016 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 37.
- Карчэўскі Юльян Юзафавіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя. У 6 т. Т. 3. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2013. – С. 393.
- Карчэўскі Юльян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 3. – Мн: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” імя Пятруся Броўкі , 1986. – С. 5–6.
- Мастацтва канца XVIII–першай паловы XIX ст. // Гісторыя беларускага мастацтва. У 6 т. Т. 3: канец XVIII – пач. ХХ ст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1989. – С. 95–96. Пра мастака Ю. Карчэўскага.
- Пяткевiч, А. Карчэўскі Юльян Юзафавіч (1806, Ашмяны – 1833) / А. Пяткевіч // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2003. – C.140-141.
- Швед, В. В. Мастак з Ашмяншчыны Юліан Карчэўскі / В. В. Швед // Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай знакамітым людзям, гісторыка-архітэктурным помнікам, гістарычным падзеям і мясцінам Ашмяншчыны ў XVI-XX стагоддзях, праведзенай 15 кастрычніка 1993 г. – Гродна – Ашмяны, 1995. – С. 74–78.