Паэт, краязнавец, педагог. Нарадзіўся 06.11.1946 г. у г.Ашмяны. З першага па дзевяты клас вучыўся ў СШ №1 г., затым у вячэрняй школе. З 1965 па 1968 год служыў у Савецкай Арміі (аператар зенітна-ракетнага дывізіёна). Закончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, атрымаў спецыяльнасць – вучоны аграном (1975), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці выкладчык біялогіі і хіміі (1992). Ад 1970 да 1985 года займаў розныя службовыя пасады ў дзяржаўных, партыйных і сельскагаспадарчых органах. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у школах Ашмянскага раёна (Янканцаўскай НСШ, Рудзішскай БШ, Цудзенішскай СШ, Анкудскай БШ) настаўнікам, дырэктарам. З 2003 г. на заслужаным адпачынку.
Акрамя вучобы і работы у П.Шаколы былі і іншыя інтарэсы і зацікаўленні: літаратура, музыка, спорт. Але галоўнае – паэзія. Пісаць вершы пачаў амаль што з дзяцінства. Асаблівага плёну творчасць паэта дасягнула ў сталым узросце. Тэматыка яго паэзіі рознабаковая: любоў да Ра-дзімы, прырода роднага краю, каханне. Гэта паэмы, вершы, гумарэскі. На некаторыя з яго вершаў мясцовы кампазітар М.Р.Розенберг напісаў песні: “Прывітальная”, “Маёй каханай”, “Любімыя Ашмяны” і інш. Самастойна выдаў зборнікі “Я вазьму ў далоні свет сонца” (2004), “А рука пацягнулася зноў да пяра” (2006), “Каб мог бы я спыніць імгненне” (2008), “У рыфмы словы апрануцца” (2010). “Ашмяны – родны кут” (2012), “Паэмы” (2012), “Зазірні ў запаснікі памяці” (2015), “Я жадаю дабра” (2016) і інш. Друкаваўся на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік”.
Бібліяграфія:
- Беліцкая, А. “Завітаю ў запаснікі памяці…”: сустрэча з Пятром Шаколам у краязнаўчым музеі / Аліна Беліцкая // Ашмянскі веснік. – 2011. – 17 снежня. – C.9.
- Беліцкая, А. “Каб мог бы я спыніць імгненне…”: пра зборнік П.Шаколы/ фота аўт. ; А. Беліцкая // Ашмянскi веснiк. – 2008. – 26 лістап. – С.5
- Зарэцкая, Л. Што ў душы, тое будзе і ў слове / Людміла Зарэцкая; фота// Ашмянскі веснік. – 2016. – 21 снеж. – С.9.
- Зарэцкая, Л. Што ў душы, тое будзе і ў слове / Людміла Зарэцкая; фота // Бібліятэчны свет. – 2017. – № 1. – С. 20.
- Санюк, А. Свет сонца ў далонях паэта: Пра мясц. паэта П.В. Шаколу / А.Санюк: Фота аўт. // Ашмян. весн. – 2004. – 30 кастр. – C.4.
- Санюк, А. Чарговы зборнік Пятра Шаколы [“А рука пацягнулася зноў да пяра…” мясцовага паэта] / А.Санюк //Ашмянскi веснiк. – 2006. – 30 снеж. – C.4
- Санюк, А. “Я не паэт у літаральным сэнсе слова” / А.Санюк; фота// Ашмянскі веснік. – 2006. – 4 лістап. – C.2.
- “Цеплыні і свету я прыдбаў у сонца…”: Пятру Шаколу – 65// Ашмянскі веснік. – 2011. – 5 лістапада. – C.5.
- Шакола Пётр Валяр’янавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2016 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 34.
- Шакола Пётр Валяр’янавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003.– С. 591–592). (З крыніц народных).