Бібліятэкар, перадавік сацыяльна-культурнай сферы Гродзеншчыны. Нарадзілася 24.06.1926 г. у в.Цвёрдава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1947 г. закончыла культмасавае аддзяленне Магілёўскага культасвет вучылішча імя Крупскай, пасля заканчэння працавала загадчыцай бібліятэкі ў Навагрудку. У 1964 г., пасля пераезду ў Ашмяны, узначаліла Ашмянскую раённую бібліятэку. Пад кіраўніцтвам Ганны Мікалаеўны ў бібліятэцы была праведзена вялікая работа па ўдасканальванні абслугоўвання насельніцтва кнігай: створаны каталогі і картатэкі, закласіфікаваны кніжны фонд.
За асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы, за поспехі, дасягнутыя Ашмянскай раённай бібліятэкай у ходзе Усесаюзнага агляду бібліятэк насустрач 50-годдзю Савецкай улады, Каляда Ганна Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры (1967). Шматгадовая прафесійная дзейнасць А.М.Каляды неаднойчы адзначалася шматлікімі Ганаровымі граматамі рознага ўзроўню. У 1968 г. у складзе дэлегацыі ад Гродзенскай вобласці пабывала на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) у Маскве.
У 1976 г. пад яе кіраўніцтвам была праведзена цэнтралізацыя бібліятэчных устаноў у адзіную раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (РЦБС), якую Г.М.Каляда ўзначальвала да 1981 г.
Пасля выхаду на пенсію працягвала працаваць у калектыве бібліятэкі да 2002 г.
Бібліяграфія:
1. Каляда Ганна Мікалаеўна// З гісторыі бібліятэчнай справы Ашмяншчыны: падзеі, людзі, факты / склад. Г.У.Палубінская. – Ашмяны, 2012. – С.17-19.
2. Каляда Ганна Мікалаеўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская. – Ашмяны, 2020. – С. 26.
3. Силина, Е. На заслуженный отдых / Е. Силина // Красное знамя. – 1981. – 8 сентября. – С. 3.
О директоре Ошмянской централизованной библиотечной системы А. Н. Коляде.